БЕЛАВЕ́ЖСКА-ГА́ЙНАЎСКАЯ ЗАБАСТО́ЎКА РАБО́ЧЫХ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫХ ЗАВО́ДАЎ 1932 у Заходняй Беларусі. Адбылася 3.2—2.4.1932 пад кіраўніцтвам Гайнаўскага райкома КПЗБ і забастовачнага к-та. Удзельнічала каля 2,2 тыс. чал. Рабочыя Гайнаўкі патрабавалі павышэння зарплаты, аднаўлення на рабоце 2 незаконна звольненых лесарубаў. Да іх далучыліся рабочыя Белавежы, беспрацоўныя, сяляне. Адбыліся сутыкненні з паліцыяй. Адміністрацыя заводаў павысіла зарплату на 15%, аднавіла на рабоце звольненых. Калі прадпрыемцы парушылі ўмовы дагавору, забастоўка аднавілася. Пасля арышту 6 членаў забастовачнага к-та рабочыя рушылі на паліцэйскі ўчастак у Гайнаўцы. Паліцыя адкрыла агонь, 1 рабочы быў забіты, 8 паранены. Пахаванне забітага вылілася ў антыўрадавую дэманстрацыю. У знак пратэсту супраць бясчынстваў паліцыі забаставалі рабочыя лесапільных з-даў Белавежы і Чэрлядзі. Пад іх націскам арыштаваныя былі вызвалены і адноўлены на рабоце.
І.В.Палуян.
т. 2, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)